Mузычная прастора Беларусі
09.10.2009 - Экспэрт ТГ С. Квяткоўскі: «У „Глюкаў“ заслужаная перамога»
http://tuzin.fm/
Экспэрт ТГ нарадзіўся 30 сакавіка 1973 году. Творчую дзейнасьць як літаратар пачаў у газэце «Наша Ніва» ў 1992 годзе. Як журналіст дэбютаваў на «Radio 101,2 FM», потым працаваў у газэце «Имя», у беларускай рэдакцыі «Польскага радыё», «Радыё Рацыя», «Радыё
Севярын Квяткоўскі
Сачыць за гіт-парадам рознастылёвых гуртоў, усё роўна, што сачыць за спаборніцтвам баксэраў, дзюдаістаў, каратыстаў, самбістаў і, напрыклад барцоў сумо. Круціся як хочаш: тут важны не працэс, а вынік. Зрэшты, мяркую, на выбар слухачоў таксама ўплываюць розныя фактары. Кагосьці крануў зьмест, кагосьці якасьць перакладу, кагосьці прыхільнасьць да музычнага стылю, хтосьці зьвярнуў увагу на маладзейшых, хтосьці аддае перавагу клясыкам. У кагосьці з гуртоў у інтэрнэце больш прыхільнікаў, і яны больш арганізаваныя. А ў кагосьці ў часе галасаваньня настрой супаў з адной зь песень-удзельнікаў галасавалкі.

Глюкі feat. MAUZER і Green Che: Заслужаная перамога. Краіна, лёс Беларусі, адлюстраваньне прыгнечаных настрояў і трывогаў, вобраз сьвятла ў канцы тунэлю. Моцны сацыяльны тэкст, эмоцыю якога гарманічна перадае музыка. Пераслухаў некалькі разоў. Адчуваецца ўплыў Лявона Вольскага што да вобразнасьці і гэта добра, бо пераемнасьць. Варыяцыі на тэму лёсу краіны яшчэ доўга будуць акутальнымі ў беларускай музыцы.

Naka: Душэўна. Шкада, што песьні няма ў беларускіх караоке-барах. З музычнага гледзішча пачуў шмат знаёмага, цэлымі кавалкамі зь іншых выканаўцаў. Але тое, што песьня ўзяла «срэбра» абсалютна лягічна. Душэўна, кранальна, кліча за сабою. Думаю, пасярэдзіне якога-кольвек застольля кумпанія можа заахвоціцца дружна падпяваць прайгравальніку: «Бя-а-а-жжж-ы-ы!»… І атрымліваць ад караоке задавальненьне.

Нестандартны варыянт: Харошы дабротны стандартны варыянт у лепшым сэнсе слова. Не пераключыў бы канал радыё, калі б пачуў.

Сердце дурака: Расейскі рок па-беларуску, чаму б не? Мы калісьці пра «пачак цыгарэт і квіток на самалёт са срэбным крылом» сьпявалі з задавальненьнем. Не зьдзіўлюся, калі чацьвертае месца ў рэйтынгу дала зьяднанасьць магілёўскіх карыстальнікаў сеціва. Узаемапранікненьне культур — справа добрая, хацелася б ад гурта яшчэ беларускамоўных песень.

Юры Дземідовіч: Пік фанаценьня інтэрнаўтаў па «Чароўным трусіку» мінуў. Тым ня менш песьня заняла 5-е месца. Ня ведаю ці ўсе зь песень гэтага параду застануцца ў гісторыі беларускай музыкі, але «Трусік-Кролік» дакладна назаўсёды.

Спрат: Модна, мэйнстрымна, ня лепш і ня горш за «Пад купалам нябёс», напрыклад. Відаць, песьня абыйшла некаторых клясыкаў, бо сьвежая.

Серебряная свадьба: «Срэбную свадзьбу» любая мова не палепшыць і не пагоршыць — францускі настрой застанецца. Як франкафіл, сьведчу, песьня малюе вобразы ціхіх куткоў Парыжу, нагадвае пра Эдыт Піяф і ейных спадкаемцаў.

Akana feat. Apple Tea: Пачуў Вераніку Круглову і KRIWI ўзору 1990-х, пачуў «Бітлз», прыемная вуху гульня этна і джазу. Калі Руся з кумпаніяй зробяць разам з джазмэнамі з Apple Tee цэлую праграму, будзе проста шык, і новае слова ў такой папулярнай сёньня фольк-джаз-мадэрнавай плыні.

Hair Peace Salon нагадалі «Чырвоныя гітары» і Пола МакКартні ў сучаснай брыт-поп стылістыцы.

Дакота: На падсьвядомасьці беларускамоўная песьня не зьвязаная з расейскім поп-фарматам. Як блюз асацыюецца зь цёмнаскурымі амэрыканцамі, гэтак беларуская мова песьні з альтэрнатывай, ці блізкай да яе. Сам бы цэлы альбом Дакоты ня слухаў, але спадзяюся, што свайго слухача сярод беларускацэнтрычных той альбом знайшоў бы.

Стокс: Добра зроблены пераклад, беларуская мова гучыць арганічна. Магла быць і вышэй у рэйтынгу. Зрэшты, тэкст пра ўсё, можа таму іншыя гурты зачапілі слухачоў болей.

Atlantica: Калі па выніках рэфэрэндуму можна будзе патрабаваць абавязковы працэнт беларускамоўных песень на ФМ, Atlantica будзе ў першых шэрагах.

Фактар беларускай мовы для мяне важны, бо я існую ў каардынатах беларускай мовы. Такіх як я ня менш за траціну дарослага насельніцтва. Як Atlantica зробяць цэлы альбом па-беларуску, будзе ў плюсе. Дзіўлюся апошняму месцу песьні.

Севярын Квяткоўскі, для ТГ




Музычная прастора Беларусі © 2003-2016
Пры выкарыстаньні матэрэялаў спасылка на mpby.ru абавязкова.
Па ўсіх пытаннях пісаць на e-mail: