Mузычная прастора Беларусі
11.02.2017 - Belsat Music Live № 6. Паліна Рэспубліка (+новы анонс)
http://tuzin.fm/
У новым выданьні аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна – Паліна Рэспубліка ў новым фармаце.
Belsat Music Live № 6. Паліна Рэспубліка (+новы анонс)

Паліна ўжо ў 17 год атрымала гран-пры фэстывалю «Бардаўская восень» і была названая адкрыцьцём года ў беларускай музыцы па вэрсіі Tuzin.fm. На першым сольным канцэрце, які прайшоў у дзень яе паўналецьця, песьні сьпявачкі заля сьпявала хорам. Праз паўгады Паліна зваявала публіку сваімі мілымі і наіўнымі творамі ва Ўкраіне. Тур па гэтай краіне прыпаў на пачатак Эўрамайдана, але яна не адмяніла свае выступы. Увесь гэты час ад Паліны чакалі дэбютнага альбому. Нарэшце ён выйшаў, але ня выклікаў эўфарыі і катарсісу. Пасьля яго жывой прэзэнтацыі сьпявачка расьпусціла жывы склад ды вырашыла перагледзіць свае адносіны да музыкі.

Праз перапынак у паўтары гады Паліна Рэспубліка вяртаецца ў музычную прастору ў новым фармаце. У новым выданьні Belsat Music Live сьпявачка выступае ў зусім новым для сябе фармаце – безь гітары і жывога бэнду. У яе выкананьні гучаць як зусім сьвежыя творы, гэтак і вядомыя песьні ў іншых аранжыроўках. У размове зь Міраю Шульц і Сяргеем Будкіным Паліна распавядае пра зьмены ў жыцьці ды творчасьці, разважае пра актуальнасьць сваіх песень, напісаных яшчэ падчас вучобы ў школе, пра расчараваньне ў музыцы і пра вяртаньне на сцэну. А яшчэ падчас этэру сьпявачку чакае сюрпрыз, які для яе падрыхтавалі стваральнікі праграмы.

Песьні, якія гучаць у праграме:

«Калыханка»

(музыка і словы Паліны Паланейчык-Гарадновай)

«Мне ўсьцешна...»

(музыка Мікаэла Тарывердзіева, словы Марыны Цвятаевай, пераклад Лявона Баршчэўскага)

«Вышыня»

(словы і музыка Паліны Паланейчык-Гарадновай)

«Як ты?»

(словы і музыка Паліны Паланейчык-Гарадновай)

Сёмае выданьне Belsat Music Live выйдзе ў этэр у наступную суботу, 18 лютага ў 20:30 на тэлеканале «Белсат». Госьцем будзе гурт Re1ikt.

Tuzin.fm



Музычная прастора Беларусі © 2003-2016
Пры выкарыстаньні матэрэялаў спасылка на mpby.ru абавязкова.
Па ўсіх пытаннях пісаць на e-mail: