Mузычная прастора Беларусі
02.03.2017 - Топ-12 зімы 2016/2017. «Коленька» наперадзе ўсіх! (аўдыё)
http://tuzin.fm/
Сьпеў пра Колю-трактарыста, які быў запісаны 20 год таму на студыйнай сэсіі праекту «Народны альбом», але апублікаваны толькі цяпер, узначаліў зімовы топ на «тузіноўскім» стрымінг-канале.
Топ-12 зімы 2016/2017. «Коленька» наперадзе ўсіх! (аўдыё)

Усяго на канале нашага парталу ў Soundcloud у пэрыяд з 1 сьнежня 2016 да 1 сакавіка 2017 году зафіксавана 80 500 (для параўнаньня — за тры восеньскія месяцы было 70 200 праслухоўваньняў). Больш за ўсё песьні з каналу «Tuzin.Streaming_Belarus» слухалі ў Беларусі (40 217). На другім месцы — Україна (3072), трэцяя — ЗША (2795). Пасьля ідуць Расея (2603), Польшча (1393) і Нямеччына (887).

Сьпіс самых запатрабаваных трэкаў на канале выглядае наступным чынам.

12. Зьміцер Вайцюшкевіч – Дзе мой край (417)

Сталым попытам карыстаецца песьня Зьмітра Вайцюшкевіча на словы Ўладзімера Караткевіча «Дзе мой край», альбо «Беларуская песьня». Яна была напісаная для праекту «Я нарадзіўся тут». А канкрэтна гэты запіс зроблены на адным з апошніх легальных канцэртаў сьпевака ў Менску, у траўні 2010 году. Гэты сьпеў трапіў у «100 найвялікшых беларускіх песень» паводле апытаньня Tuzin.fm. Абсалютная большасьць слухачоў гэтай песьні цягам зімы было зь Беларусі (338). 

11. Варона – Мая праўда (419)

Нечакана ў топ-12 вярнулася песьня гурта «Ворона» – «Мая праўда», прэзэнтаваная два гады таму. Цікава, што гэта акалічнасьць супала з тым, што каманда Алёны Вароны аднавіла дзейнасьць праз год паўзы ды прэзэнтавала на Tuzin.fm новыя песьні, якія маюць шанцы ўвайсьці ў веснавы топ-12. Забаўна, што «Мая праўда» карыстаецца попытам не ў Беларусі (толькі 4 праслухоўваньні), а ў ЗША (119), Бразіліі (38), Вялікабрытаніі ды Італіі (па 20 праслухоўваньняў).

10. Dzieciuki – Паходная (447)

9. Dzieciuki - Трымайся, браце! (521)

8. Dzieciuki - Чорны хлеб і гарбата (526)

7. Dzieciuki – Случчакі (555)

6. Dzieciuki – 1937 (594)

Традыцыйна ў сэзонным топ-12 прысутнічае гурт Dzieciuki. Гэтым разам з пяцьцю песьнямі з альбому «Рэха», на які не згасае попыт, нягледзячы нават на тое, што гурту забараняюць выступаць на Радзіме. Найбольш іх песьні на нашай стрымінг-плятформе слухалі ў Беларусі, далей ідуць – Україна, Расея, ЗША і Польшча. Раім слухаць ня толькі папесенна, але і цэлым альбомам. 

5. Intelligency – Ведаю, хто я (677)

Інтарэс слухачоў нашага стрымінг-каналу выклікаў трэк гурту, які быў прызнаны «Адкрыцьцём году» у беларускай музыцы за 2016 году па вэрсіі парталу Tuzin.fm. Абсалютная большасьць слухачоў за гэты пэрыяд (508) – зь Беларусі. Болей песень гэтай цікавай каманды, якая сумяшчае электронную музыку з блюз-рокавай можна пачуць у рэлізе «Мова».

4. Dzieciuki –  Тадэвуш Касьцюшка (720)

Асобным попытам карыстаецца песьня гарадзенскага гурту, якая была выдадзеная асобным сынглам у дзень 270-годьдзя Касьцюшкі. Найперш гэты твор зацікавіў слухачоў зь Беларусі, а таксама з Украіны і Польшчы. 

3. Vinsent feat. Šuma Voices – Каляда (2185)

Адзіная песьня зь леташняга навагодняга праекту тэлеканалу «Белсат» і парталу Tuzin.fm, якая праз год зноў трапіла ў зімовы топ-12. Гэта сучасная калядка, якую напісаў рэпэр Вінсэнт і выканаў разам зь дзяўчатамі з Shuma. Найбольш яе слухалі ў Беларусі, а таксама ў Расеі і ЗША. Нашы калегі з «Еўрарадыё» уключылі твор у калядны плэй-ліст, які раім дадаць у закладкі, каб адшукаць ужо на наступныя Каляды. Прапануем таксама паглядзець відэа на гэтую песьню. 

2. Жадан і Собаки – Рок-музыкант (2 353)

Нязьменна прысутнічае ў топ-12 песьня ўкраінцаў, запісаная для праекту Tuzin.fm і кампаніі «Будзьма беларусамі». Cёлета інтарэс да творчасьці Сяргея Жадана падагрэла беларуская міліцыя, якая затрымала паэта і музыку ў Менску. Абсалютная большасьць праслухоўваньняў песьні зафіксавана ў гэты пэрыяд з Украіны (1421), а таксама зь Беларусі (502) і з Расеі (88). 

1. Narodny Albom – Kolenka (2 428)

Лідэрам зімовага рэйтынгу стала песьня, якая была запісаная 20 год таму на студыі «Радыё 101,2» падчас студыйнай сэсіі праекту «Народны альбом» разам з «Надзенькай». Аднак, у «Народны альбом»яна не ўвайшла і была апублікаваная толькі гэтай зімой.  Яе выканаўца папрасіў падпісаць яго як Інкогніта і толькі ў фільме «Ненаўмысны шэдэўр» раскрыў сваё сапраўднае імя. 

Яшчэ: ТОП-12 ВОСЕНІ-2016. ПЕРАМАГЛА ПАЭЗІЯ!

ТОП-12 САМЫХ ЗАПАТРАБАВАНЫХ ПЕСЕНЬ 2016 ГОДУ 

 

Tuzin.fm, загалоўнае фота Мікола Труса з сайту vytoki.net



Музычная прастора Беларусі © 2003-2016
Пры выкарыстаньні матэрэялаў спасылка на mpby.ru абавязкова.
Па ўсіх пытаннях пісаць на e-mail: