Mузычная прастора Беларусі
11.07.2006 - Выйшла складанка «Дыхаць!»
http://tuzin.fm/
Аляксандар Памідораў – пра адзін з самых чаканых музычных праектаў гэтага году – складанку “Дыхаць”, рэліз якой адбыўся 10 ліпеня: “Гэты альбом не зьяўляецца «супольным музычным праектам» у сэнсе зараз агульнапрынятым, пасьля «Народнага Альбому», «Сьвятог
Дыхаць!
Гэты альбом не зьяўляецца «супольным музычным праектам» у сэнсе зараз агульнапрынятым, пасьля «Народнага Альбому», «Сьвятога вечара», альбо «Я нарадзiўся тут», бо анiводная песьня не рабiлася да гэтага запiсу адмыслова.

У сытуацыi ў якой апынулiся беларускiя гурты розных стыляў ды жанраў на пачатак 2005-га году, узьнiкла патрэба нейкай рэялiзацыi творчага патэнцыялу. Дзякуй богу, знайшлiся шляхi вырашэньня праблемы. Ад самога пачатку ставiлiся да напаўненьня альбому досыць шчыльна, I хацелася – безумоўна! – зрабiць нешта, чаго анiхто дагэтуль у гэтай краiне не рабiў. Таму, яшчэ да таго, як быў складзены папярэднi сьпic гуртоў, вырашылi, што пiсаць матэр’ял трэба не ў Беларусi, з-за тэхнiчнае недасканаласьцi гуказапiсваючае iндустрыi. Нават, калi размова iшла пра добравядомыя, знакавыя пеcьнi ня толькі беларускае музычнай, але й палiтычнай гiсторыi. Была абрана студыя Rembrandt на радыё Беласток, таму што амаль гэтаксама, як i ў Менску каштуе, а яшчэ таму, што блiзка да радзiмы, і адначасова анiшто пра гэтую радзiму не нагадвае. Гэта значыць, анiшто з навакольля не цяжарыць мазгi. I ёсьць шанец банальна працаваць на якасьць. Ня будзем анiчога казаць пра прынцыпы адбору – гэта вам не “Басовiшча”, - магу толькi зазначыць, што руплiвая праца ў вялiкай студыi, гэта тое, чаго й зараз пазбаўленыя амаль усе беларускiя музыкi. З папярэдняга сьпiсу нехта не трапiў, альбо праз занятасьць, альбо праз уласную безадказнасьць. Але тыя, з кiм давялося папрацаваць, выклалiся па-поўнай. Вялiкi дзякуй!

Ад пачатку плянавалася ня больш за 14 песень, але падчас працы высьветлiлася, што нечага не хапае. А таксама, высьветлiлася, што ёсьць рызыка атрымаць проста чарговую складанку менскiх рок- i ня толькi груп. Нам у вынiку пашчасьцiла сабраць на гэтым дыску гурты з Бярозы, Магiлёву, Беластоку, ня кажучы пра Менск, й гэаграфiю родных мясьцiн уласна розных музыкаў-удзельнiкаў гуртоў.
На жаль, беларускую пашпартна-вiзавую сыстэму не адолелi групы зь Вiцебску, Гораднi, Гомлi й Берасьця. Ну дык, наступным разам!

Вялiкая была спакуса неяк палiтычна афарбаваць гэты праект, як заўчасна робяць iншыя выдаўцы – дзiва што пэўных песень больш чым хапае! Але ад гэтае лёгкае дарогi вырашылi адыйсьцiся. Прынамсi, хто захоча – той шмат што пачуе.

На дыску прадстаўленыя як новыя вэрсii добра вядомых, удасканаленых часам твораў – кшталту «Бяжы, хлопец!» (Крама), «Беларусь uber alles!» (Neuro Dubel), «Радзіма-свабода» (ZET), - гэтак й цалкам новыя, дагэтуль нiдзе не запiсаныя рэчы, што выконвалiся толькi па кацэртах, альбо ледзь-ледзь прысьпелi да запiсу: Indiga, :B:N:, N.R.M., Палац. Ёсьць i прэм’еры – малады гурт Альтанка, удзельнікі якога добра вядомыя ў беларускiм (і ня толькi) у музычным асяроддзi, вельмi стыльныя магiляўчане Tav.Mauzer і беластоцкiя калегi Zero 85. Для ўсiх iх гэта – першае выданьне, у чаканьнi паўнавартасных альбомаў.

Разам з запicам песень, рабiлiся вiдэаздымкi ўсяго працэсу iснаваньня ў студыi й па-за ёй, таксама фрагмэнты канцэртных выступаў гуртоў, эпiзоды простага жыцьця музыкаў ды iнтэрвiю. Зь гэтага матэрыялу рыхтуецца DVD, рэлiз якога заплянаваны на восень.

Аляксандар Памідораў




Музычная прастора Беларусі © 2003-2016
Пры выкарыстаньні матэрэялаў спасылка на mpby.ru абавязкова.
Па ўсіх пытаннях пісаць на e-mail: